?

Log in

Усяго пакрыху

> Recent Entries
> Archive
> Friends
> Profile
> previous 10 entries

October 11th, 2014


12:55 pm

Постпяснярскае, ці як мы хадзілі на прэм’еру ў тэатр

(“Пясняр”, рускі тэатр ім. М. Горкага)

Учора была ці не на першым у жыцці спектаклі, за які не хацелася дзякаваць апладысментамі. На паклонным выхадзе, калі на сцэну паўздымаліся тыя, хто мае хоць якое дачыненне да стварэння спектакля, у віры громкіх авацый і воклічаў “Брава” (беларуская публіка ваісціну самая добрая публіка ў свеце), хацелася падысці да парачкі актораў і запытацца – “а вам вось сапраўды падабаецца тое, якім атрымаўся спектакль, і сама п’еса вам падабаецца?”.

Чаму актораў? Відаць, таму, што менавіта акторы ва ўсім працэсе працы над пастаноўкай найбольш залежныя – ад чужой задумы, бачання, густаў (пытацца ў рэжысёра, ці падабаецца яму ягоны спектакль, неяк дзіўна). А вось актор… Стаіш, напрыклад, на фінальным паклоне – зала перад табой стаіць, кветкі нясуць, “брава” крычаць, а ты глядзіш на ўвесь гэты зал і думаеш – “падабаецца, пляскаюць, але спектакль жа – гаўно”. А мо і не думаеш. Мо ў працэсе працы над спектаклем, дзе па-любэ трэба ўкладацца (асабліва, калі роля не другасная), спектакль пачынае падабацца? Як любоў да ўласнага дзіцяці – непаслухмянае (урэднае, я б нават сказала), далёкае ад уласных чаканняў, але – сваё, уласнымі намаганнямі створанае, як жа тут не палюбіць. Вось бы сапраўды – запытацца актораў.

Дык пра спектакль.

Гэта акурат той выпадак, калі правальным падалося лічы ўсё – і тэкст п’есы, і рэжысура, і харэаграфія, і касцюмы, і ўсё разам зведзенае. Калі спектакль прачытваецца наскрозь – сядзі і слухай, думаць не патрэбна – табе ўсё разжуюць і пакажуць.

Спектакль стварае атмасферу школьнага вечара, сцэнар да якога пісала настаўніца беларускай мовы і літаратуры, апантаная задачай улюбіць усіх у беларускую літаратуру, накарміць гэтай літаратурай так, каб да канца дзён вы пра яе смак не забыліся (задача сама па сабе неблагая, але пытанне ў сродках ўздзеяння). А калі на сцэне пад “Слуцкія ткачыхі” танчаць апранутыя ў нешта калянароднае жанчыны з ручнікамі ў руках – то ступень настальжы па школьных вечарах ўзрастае: сама ж пад гэтую песню і ў такім жа аля калянародным строі танчыла з ручніком на руках і лічы ў такіх жа самых рухах.

Апроч школьных вечароў, спектакль нечым нагадаў галубыя аганькі: пагаварылі-пагаварылі на сцэне – эстрадная песня, пагаварылі-пагаварылі – апяць эстрадная песня. Сцэнка-песня, сцэнка-песня – такім чынам атрымалася б найбольш удала ахарактарызаваць структурна-кампазіцыйныя асаблівасці п’есы. Спалучыць тэатральныя і эстрадныя элементы, трэба сказаць, у рэжысёра не атрымалася – і гэта адзін з найбольш слабых бакоў спектакля.

Калі аўтар і пастаноўшчык настаўніца, то хто ж глядач? Глядач бачыцца таксама ў вобразе настаўніц беларускай мовы і літаратуры перадусім – і слязу пусцяць і павохаюць-ахаюць у адпаведнасці з рэжысёрска-аўтарскімі чаканнямі. Сюды ж можна далучыць – сентыментальныя асобы перад- і пенсійнага ўзросту, якія любяць, каб усё было “красіва і панятна”, таварышчаў з літаратурных колаў, якія адрозніваюцца выразна піетэтычным стаўленнем да беларускай літаратуры, дбаюць пра захаванне літаратурных стэрэатыпаў, а псеўданім “Анка Упала” ўспрымаюць як уласную абразу. Студэнтам і школьнікам слабасюжэтная, да таго ж зацягнутае дзейства наўрад ці пакаціць. Хоць, канечне, сама настаўніца арыентавалася на шырокага гледача-беларуса, якога трэба павучыць, выхаваць, асвяціць.

Дык вось корміць цябе гэтая настаўніца беларускай літаратурай, корміць так, што ўжо хочацца сказаць – пераканалі, стаўце кропку, верым, любім. Але ж не – табе яшчэ трэба пабачыць дзве зацягнутыя, па вялікім рахунку не звязаныя з асноўнай сюжэтнай лініяй, сцэны пра дапрос Купалы і Коласа, туды ж прыплятаюць Багдановіча (і калі ўлічыць, у якім годзе памёр паэт, – гэтая сцэна выглядае абсалютна недарэчнай, невыведзенай, зрэшты – незразумелай). Табе трэба яшчэ паслухаць, якім чынам катавалі Браніслава Тарашкевіча (відаць, аўтару ўжо вельмі карцела ўнесці ў вушы слухача і гэты момант нашай беларускай гісторыі). Усё настолькі прагаворана, растумачана, (прачыталі вершык – трэба аўтарства сказаць) – ствараецца ўражанне, што цябе не проста кормяць, а кормяць добра такі ўжо разжаванай ежай, перасцерагаючыся, што раптам не адчуеш усяго смаку беларускай літаратуры і гісторыі да яе ж, пры гэтым забываючы ўсім вядомае польскае – што задужо, то нездрове.

Наеўшыся да адвалу і пасля кожнай чарговай сцэны другой дзеі ставячы ў галаве кропку, чакаеш фінала – хто ж тая жанчына, якой так апантаны Мулявін. Ну не Беларусь жа! І прыфігіваеш –Беларусь! Настаўніца па-майстрэску трапляе ва ўсе твае самыя стэрэатыпныя чаканні, пра якія ты думаеш – ну гэтага не будзе, бо гэта ж так банальна. Але ў фінале аказваецца, што ўсе твае чаканні (спраўджвання якіх ты так асцерагаўся) спраўджваюцца – каханай аказваецца Беларусь, якая ўвесь спектакль тусуецца на сцэне ў выглядзе трасянкамоўнай нянечкі ў бірузовай сукенцы з бэзавымі хусткай і пальчаткамі (і ты ўжо падазраеш, што ента жэншчына тут не проста так!). Заканчваецца ўсё патрыятычна-пафасна-банальна – Мулявін з Купалам сыходзяць у глыб сцэны, а на экране транслюецца відэазапіс з выкананнем Мулявіным “Малітвы”.

Было і пару станоўчых момантаў – вобраз Цёткі (ці не самы ўдалы), напрыклад, альбо сцэны перасячэння Купалы, Мулявіна і Коласа. Паасобныя біяграфічныя цікавосткі, якія атрымалася больш-менш дарэчына ўвесці ў сцэнар.

П’еса знойдзе свайго гледача, пра што сведчаць не толькі ўчорашнія буйныя авацыі (хоць я яшчэ не чула, каб беларуская публіка каму не пляскала і перад кім не ўставала, у адрозненне ад хаця б той жа Польшчы і Расіі), але і тое, што рэальна існуе значны кантынгент, які любіць і чакае такога ўзроўню мастацтва. Я чакаю іншага, хоць разумею, што і такі павінен быць.

PS: жаданне напісаць пару радкоў (пакуль уражанні не сцерліся і я не падабрэла, як зазвычай бывае праз пару дзён) вылілася ў падачку абзацаў – каб мне так палажэнні да дысера лёгка пісаліся J


(Leave a comment)

April 18th, 2013


12:58 am
Паглядзела “Дзяды”. Пастаўлена цікава, запомніліся многія рэжысёрскія вынаходкі (добра прыдумана і пастаўлена сцэна “пераўвасаблення” Густава ў Кондрата – такі своеасаблівы масток паміж дзвюма часткамі; ход, які зрабіў п’есу цэласнай, звязнай).
Трапна расстаўлены ідэйныя акцэнты тэкста. Бо, прынамсі для мяне, “Дзяды”  ў першую чаргу - паэма пра творцу, майстра, яго выбар, магчымасці, наканаванне, і ўжо пасля – пра пэўныя гісторыка-палітычныя падзеі, каханне, Айчыну і г. д.  (пацешылася, што гэта было прачытана  і ўвасоблена). Ды і ўвогуле (асабліва, калі глядзіш нейкія класічныя рэчы альбо рэчы ўжо шмат разоў пастаўленыя) заўжды цікава адсочваць, на які аспект робіцца акцэнт, што з тэкста прапускаецца і г. д. (у выпадку з дадзенай пастаноўкай, напрыклад, кінулася ў вочы, што у сцэне абраду  дзядоў большая ўвага была нададзена ўласна паказу-стварэнню цэрыманіяльна-рытуальных сцэн, а напрыклад, эпізод з прыходам духа Марысі быў не ўключаны (шкада: гэты вобраз - такая прастора для рэжысёрскай фантазіі, каб не збанальнічаць і не паказаць русакосую дзевачку ў вяночку).  
Вельмі карцела пабачыць, як будзе пастаўлена “Імправізацыя”: маналог немаленькі – паспрабуй утрымай увагу гледачоў.  І Падаляка тут, канечне, пераўзыйшоў мае чаканні. Вельмі крута сыграў! (Спадабалася выкарыстанне ў гэтай сцэне ікон-дэкарацый, бо адна справа, робячы выклік Богу, звяртацца ў нікуды, і зусім іншая - паказваць гэта праз канкрэтныя дзеянні).
Здзівіла выкарыстанне пры пастаноўцы перакладу С. Мінскевіча. Для мяне гэта, мо і больш дакладны пераклад паэмы, але адназначна - тэкст хучэй для даследчыцкай працы. Для душы і прачытання  – толькі Цвірка. Цвіркаўскі тэкст лягчэй успрымаецца, і, як па мне, для спектакля пасаваў бы больш, ато з-за груваздкасці тэксту часам стваралася ўражанне, што акторы на лаціне ці грэцкай гавораць.
Ну і самы непрыемны момант, які моцна сапсаваў ўспрыняцце першай дзеі, – фатографы. Я, канечне, разумею жаданне запечатліць прэм’еру, але ў тэатры – глядач перадусім. І калі над вухам стаіць 4-5 фатографаў, якія мала таго, што шчоўкаюць па невядома колькі раз, дык яшчэ і свабодна перасоўваюцца па паралельным сцэне праходзе – любы будзе на кані, бо ўвайсці ў атмасферу спектакля падчас першай дзеі так і не ўдалося.  Момант гэты падсадзіў на каня не толькі мяне – куча народу падчас перапынку выказала адміністрацыі свае прэтэнзіі і на другую дзею фатографы растусаваліся па баках, а шчаўчкі былі чутны толькі зрэдку.
Хацела колькі слоў сказаць пра элітарнасць публікі, ды ладна – і так нешта шмат настрачыла, а зазначыла толькі невялікую частку заўважанага. 

(Leave a comment)

October 29th, 2010


12:38 pm

Дайтэ воды напытыся, бо так йісты хочыцця, што пэрэночованы ныма дэ.

(4 comments | Leave a comment)

June 9th, 2010


06:52 pm
Сяджу ў цягніку Берасце-Масква. Даволі ўтульнае купэ і нешматлюдна. Пацягваю гарбату Greenfield з сапраўдным лімонам. Праглядаю фрэндстужку, куды ўжо колькі дзён не заглядвала.

Уся загарэлая і напрацаваўшыся.

Адчуваю: усё - гуд.

(2 comments | Leave a comment)

May 27th, 2010


12:39 am
Апошнія два месяцы выдаліся насычанымі на падарожжы. Ужо сто год збіраюся выкласці фоткі ў жж. Сёння, нарэшце, уселася за копм.

Шмат пісаць не хочацца. Проста любуйцеся, як гэта ў каторы раз раблю я.

ПС: дзякуй Зміцеру Занеўскаму, чые фоткі тут таксама прысутнічаюць.

паглядзецьCollapse )

(2 comments | Leave a comment)

March 30th, 2010


12:25 pm
Zautra budu doma. Pabaczu lubimaje soniecznaje Bierascie! Pragulajusia pa naszym viasiennim sadzie. Napeuna, abrykosy uzho zacvili! A szto paprarezalisia ciulpany i padsniezniki - to peuna!

Zamiesim z mamaj piragou, nafarbujem z bratam jajek. Bac'ka, jak zauzdy, -adkazny za hren i miasa.

Jaki z dougaczakany gety Vialikdzien i jak ja zasumawalasia!
Current Mood: crazycrazy

(5 comments | Leave a comment)

January 23rd, 2010


02:24 pm
Не ведаю як там з мужчынамі, але што ежа (дакладней, уласна працэс яе прыгатавання)самы дзейсны сродак зацікавіць кітайца - гэта факт. Прычым, будзеш ты выварваць суп з фрыкадэлькамі ці банальна спынішся на пельменях - розніцы аніякай. Тое, што кітайскі госць павісне ў цябе над плячом і будзе пільна сачыць за тым, як на патэльню патрапіць чарговая катлета ці ў каструлю будзе кінута наступная жменя макаронаў - гарантавана.

Фармальна на нашым праверсе дзве кухні: кітайская і беларуская. Дзялілі па прынцыпе: кітайцы гадзяць - хай сабе і прыбіраюць. А мы ціпа, беларусы, гуркоў і селядца не смажым, капусты не рэжам, і ўвогуле ямо мала, на кухню заходзім рэдка, а варым максімум пельмені, бульбу і макароны.

Звычайна паводле падзелу ўсе толькі дзяжураць, а варыць -гэта ўжо дзе бліжэй і пліты больш нагрэтыя. З усіх пазіцый нам больш зручна гатаваць поруч з кітайцамі. Пліты там амаль не выключаюцца, але, што праўда, знайсці вольную камфорку, - таксама сабе задача не для лузара.

"Прівет! Што эта!" + ўсмешка ў трыццаць два - звычайныя атрыбуты кітайскай ветлівасці (прынамсі, на кухні). Галоўнае тут не нерўнічаць (ціпа, а кітайцы, усё піпец, запаланілі ўвесь Менск...) - ад таго, што ты :) адкрыеш сакрэт прыгатавання катлеты, карона з галавы не ўпадзе, а вось кітаец дакладна запомніць, што цябе завуць "Аня", будзе вітацца і ўсміхацца па-за межамі кухні, ды яшчэ пачастуе варэннікамі з мясам і капустай альбо нечым такім,што па-руску апісаць ён не здолее, а ты паспрабаваўшы, толькі і зразумееш, што гэта нешта ціпа кітайскага хлеба.

Не тое, каб я там больш палюбіла кітайцаў (неяк не задумвалася на прадмет наяўнасці любові да іх), проста, як у мульціку пра маўпу і янота (ці каго там, забылася ўжо)- каб пачвара з возера пачала табе ўсміхацца, усміхніся ты, ці, прынамсі, адкажы на ўсмешку.
Current Mood: chipperchipper

(4 comments | Leave a comment)

November 30th, 2009


05:11 pm
Гэтую кніжку я б назвала ўдалай.

Патрапіла на яе абсалютна выпадкова, бо не адсочваю свабодаўскія выданні. Уладзімер Арлоў “Імёны Свабоды” – дай, думаю гляну, што там за штучка. Разгарнуўшы кніжку, першае імя, якое ўбачыла, – Мікола Прашковіч. Гартаю далей – Вячаслаў Зайцаў, Мікалай Улашчык. Уласна для мяне - знакавыя прозвішчы. Больш за тое, акурат надоечы думала пра лёс гэтых асобаў. Хацелася штосьці прачытаць пра Прашковіча і Зайцава, але ясна, што з афіцыйных выданняў імёны гэтых даследчыкаў выкрэсленыя надоўга. А тут не толькі невялічкія эсэ, але і фотаздымкі, выразныя, на якаснай глянцавай паперы.

Спачатку накінулася на вядомыя ці найбольш мне цікавыя імёны: А. Мельнікаў, А. Сыс, К. Шэрман, М. Стральцоў, Я. Пфляўбаўм… насыціўшыя, вярнулася на апошнюю старонку, як звычайна раблю з газетамі і часопісамі альбо публіцыстычнымі выданнямі, - пакрысе прачытаю ўсё ад апошняй да першай.

Тэксты вытрыманыя ў адным аб’ёме і стылі. Шмат каго спадар Арлоў ведаў прыватна, і ў яго ўдала атрымліваецца спалучыць звесткі з уласнага досведу з энцыклапедычнымі. Зроблена трапная акцэнтацыя жыццёвых фактаў, дзякуючы якой вымалёўваецца вельмі яскравы, жывы, запамінальны партрэт.

Бо калі ты раптам дазнаешся, што Аляксей Мельнікаў пісаў вершы; Караткевічаў верш “Калі паміраюць” прысвечаны Вячаславу Зайцаву; а аповесць Лукаша Калюгі была напісаная ў 19 год!!! – на імгненне свет пераварочваецца.
І пасля такога перавароту ты пойдзеш шукаць том “З неапублікаванай спадчыны”, каб перачытаць мельнікаўскія:

Госпад ішоў супакоеным горадам,
Сіняю замецьцю, шляхам нябачным:
Небам, азораным зорамі, зорамі;
Светам, асветленым плачамі, плачамі.

Позні вандроўнік, вар’ят і паэта,
Гнаны ў бяссонне натхнёнаю марай,
Убачыў, адзіны, пайшоў за ім следам,
Светла ўздыхнуўшы “Нарэшце, Ўладару!”

(6 comments | Leave a comment)

November 27th, 2009


09:58 pm - ножкі - проста на цуд
На "Парку Чалюскінцаў" прычапіўся мужчына, гадочкаў так пад пяцьдзесят. Выскачыў з-пад правага пляча: "Девушка, у вас такие красивые ноги. Вот я вам честно говорю. Если ещё под каблук - во!" - выцягнуў перада мной свой тоўсты палец. Я ўсміхнулася (і нават засмушчалася дзеля прылічыя) - ну, ціпа, дзякуй. Заскочыла ў цягнік - "правда, девушка, такие ноги, вот, не у каждой". Цягнік ужо гудзеў ва ўсю, а дзівак ўсё намагаўся давесці пра прыгажосць маіх ног. Палову словаў я не чула, але працягвала ўсміхацца і апускайць вочы: бай, чувак, - дробязь, а прыемна.
Між тым мужчына стаў цікавіцца, дзе я жыву, працую, ці не на Усходзе, Уруччы. І што рабіла на "Чалюскінцаў", ці не працую там паблізу. І ўжо пасля "Маскоўскай" паведаміў, што якасна рамантуе абутак, акурат на гадзіннікавым заводзе. Танней, чым у іншых месцах, а супрацоўнікам яшчэ і са зніжкай. Абутку пасля рамонту, што называецца, зносу няма. Пасвяціў ў тонкасці вытворчасці, патрос чорным пакетам - штодня поўны набіраецца, сёння крыху менш.
"Так што - звяртайцеся, калі што якое", - мы ўжо выйшлі на станцыі метро "Усход". Мне было на нацыяналку - улева, яму ў адваротны бок. "Дзякуй, мне ў адваротны, шчасліва". Ён кіўнуў галавой, як даўно знаёмай, узняў руку - "Бывайце, звяртайцеся", і неяк па-старэчы, нягегла, з гэтым чорным пакетам пашкандыбаў да прыступак.
А мне цэлы дзень прыгадвалася рэклама - "Вы всё ещё не верите, тогда мы идём к вам". :))

(11 comments | Leave a comment)

November 11th, 2009


03:29 pm - у нацыяналцы - прагрэс
У нацыяналцы мяне вырубалі дзве рэчы: аднаразавыя відэдьцы ў буфеце (гэта ж паспрабуй ты такім паеш што) і забарона праносіць ноўтбукі ў торбах. Апошняе турбавала асабліва, бо насіць з сабой адмысловы пакет для ноўта ці соваць яго ў руках з вялізнай купай кніг - ўжо толькі думка пра гэта раздражняла: хацелася кнігу скаргаў і прапаноў, яшчэ нагрубіць  ахоўнікам і сапсаваць настрой кнігавыдавачкам. 

Адным словам, цяпер у нацыяналцы торбы для ноўтаў ёсць. палатняныя. выдаюцца ў гардэробе.  так шо і ў нас прагрэс. Яшчэ хачу кошыкі для кніг.

(4 comments | Leave a comment)

> previous 10 entries
> Go to Top
LiveJournal.com